Саміт NATO: вынікі на паўзе



Я не аматар тэорыяў змовы, але, відаць, саміт NATO у Вільні быў для перамоваў спецслужбаў.

Бо афіцыйна пра ўсё і не пра што.

Хоць для беларусаў яшчэ важны момант сустрэчы Святланай Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Нават калі яны там проста абмяняліся стандартнымі фразамі ветлівасці.

Сустрэча сімвалічная на ўзроўні: законна абраная лідарка Беларусі і законна абраны лідар ЗША.

А ЗША – гэта тая дзяржава, ад якой, па вялікім рахунку, залежыць і перамога Украіны ў супрацьстаянні з Расеяй. Пройгрыш Расеі – аўтаматычна азначае пройгрыш калгасна-фашысцкага рэжыму Лукашэнкі.

Таму будзем спадзявацца, што за час кароткай сустрэчы Ціханоўскай і Байдэна былі прамоўленыя не толькі агульныя фразы.

Дэ-факта ў саміт NATO укладзена вельмі шмат рэсурсаў.

Мы, людзі, якія карыстаюцца адкрытым пошукам, можам толькі здагадвацца пра што размаўлялі ўдзельнікі саміту ў Вільні 11-12 ліпеня на закрытых пляцоўках для перамоваў.

Галоўны гулец на полі NATO – гэта ЗША.

Уся ідэалогія Крамля пасля 1945 году пабудаваная на тым, што іх вораг – ЗША.

Гэта вельмі прымітыўны канцэпт, але ён працуе на прымітыўнае мысленне.

Прымітыўнае мысленне ў Расеі фармавалася вякамі.

У беларуса Івана Федаровіча з Магілёў, якога мы па школе ведаем як Івана Фёдарава, былі толькі суткі, каб з Масквы даехаць на санях да «літоўскай мяжы» у 16-м стагоддзі.

Літоўская мяжа – гэта сёння захад Смаленскай вобласці Расеі.

А ўцякаць Федаровіч мусіў праз тое, што ў Маскве друкаваў кніжкі.

Але адукацыя і адукаванасць у Маскве лічыліся ерассю.

Сёння адукаванасць у Расеі знаходзіцца на ўзроўні часоў Івана Федаровіча. Але ёсць нюанс – ядзерная зброя.

Гэтыя страшныя звонку і чорныя знутры генералы Пуціна тэарэтычна могуць запусціць па ЗША ці Еўропе ядзерную зброю. Прынамсі, тым пужаюць.

Вось гэтая традыцыя неадукаванасці насельніцтва, і чорнай сутнасці ўлады і пужае так званы «калектыўны Захад».

Выраз «малпа з гранатай» хоць і грубы, але вельмі дакладна адлюстроўвае стан любой дэспатыі са зброяй.

Бо дэспатыя – гэта цьмяны стан свядомасці насельніцтва пры адсутнасці тармазоў у трымальнікаў улады.

Што ў рэальнасці абмяркоўвалася ў Вільні 11-12 ліпеня, мы дазнаемся паступова згодна рэальных крокаў краін, якія ўжо другі год дэ-факта ваююць супраць Расеі.

еларускае Радыё Рацыя