Саміт G20 завяршыўся без Пуціна
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін датэрмінова пакінуў саміт «Вялікай дваццаткі» ў Брысбэйне (Аўстралія). На прэс-канферэнцыі перад адлётам ён заявіў, што саміт праходзіў у «добразычлівай і дзелавой» атмасферы. Пуцін зладзіў выніковую прэс-канфэрэнцыю ў той час, калі астатнія ўдзельнікі саміту G20 сабраліся за працоўным сняданкам.
Як паведамляе Бі-Бі-Сі, Пуцін патлумачыў сваё рашэнне пакінуць Брысбэйн да апублікавання выніковага камюніке загружанасцю свайго працоўнага графіку на нядзелю і неабходнасцю «крыху паспаць».
Былыя партнёры Расеі па «Вялікай васьмёрцы», адкуль Масква была выключана ў сувязі з яе роляй ва ўкраінскім крызісе, востра раскрытыкавалі Пуціна. Лідары Аўстраліі, ЗША і Японіі зноў заклікалі Расею «спыніць дэстабілізаваць усходнюю Украіну». Яны выказалі нязгоду з расейскай анексіяй Крыму і заявілі пра неабходнасць прыцягнуць да суду тых, хто нясе адказнасць за катастрофу малайзійскага рэйсу MH17 і гібель каля трохсот чалавек, якія знаходзіліся на борце «Боінга-777».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Aobozrevatel.com