На саміце ЕЗ Вышаградская група прапануе бязвіз для беларусаў (абноўлена)



Вышаградская група, у склад якой уваходзяць Вугоршчына, Польшча, Славаччына і Чэхія на будучым пазачарговым саміце ЕЗ прадставіць пакет падтрымкі беларускага народа. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на сённяшняй прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы ў Любліне кіраўнікоў урадаў „чацвёркі”. „Беларускаму народу мы хочам прапанаваць праект эканамічнага супрацоўніцтва”, – сказаў ён, патлумачыўшы, што гаворка ідзе ў тым ліку аб энергетычнай бяспецы, супрацоўніцтве ў інфармацыйным і інфраструктурным сектарах. „Мы хочам прапанаваць бязвізавае перасоўванне для грамадзян Беларусі”, – дадаў Маравецкі.

* * * 

Абмен думкамі перад пазачарговым пасяджэннем Еўрапейскай Рады, сітуацыя ў Беларусі і Расеі ды барацьба з пандэміяй COVID-19 – гэта галоўныя тэмы, якія будуць абмяркоўваць удзельнікі саміту Вышаградскай групы ў Любліне, паведамляе ўрадавы інфармацыйны цэнтр.

Сустрэча кіраўнікоў урадаў Вышаградскай групы праходзіць 11 верасня.  У заяве на сайце канцылярыі прэм’ер-міністра прэс-сакратар урада Пётр Мюлер (Piotr Müller) заявіў, што перамовы прэм’ер-міністраў краін V4 будуць тычыцца сітуацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, усходняй палітыкі, з асаблівым акцэнтам на адносінах з Расеяй. Мюлер таксама праінфармаваў, што „асабліва ў кантэксце бягучай сітуацыі ў Беларусі”, перамовы будуць прысвечаны ” інструментам, якія падтрымаюць  грамадзянскую супольнасць у краінах Усходняга партнёрства”. Акрамя таго, прэм’ер-міністр Польшчы  Матэвуш Маравецкі падзеліцца са сваімі партнёрамі з  V4 вынікамі размовы, якую ён вёў з прадстаўнікамі Беларускай каардынацыйнай рады 9 верасня. 

Мюлер нагадаў, што кіраўнік польскага ўрада тады сустракаўся з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай, а таксама Паўлам Латушкам і Вольгай Кавальковай, і што галоўнымі тэмамі перамоў былі сітуацыя ў Беларусі, вызваленне палітвязняў і падтрымка грамадзянскай супольнасці. Прадстаўнік урада адзначыў, што кіраўнік польскага ўрада таксама ўнёс пытанне аб сітуацыі ў Беларусі і Расеі ў парадак дня пазачарговай Еўрапейскай рады, паседжанне якой запланаванае на 24-25 верасня. 

wpolityce.pl

Фота: news-front.info