Санкцыі ў дачыненні да чыноўнікаў Беларусі — толькі першы крок



Санкцыі, уведзеныя ЕЗ у дачыненні да чыноўнікаў Беларусі, — толькі першы крок, заявіў генеральны сакратар партыі канцлера Германіі Ангелы Меркель ХДС/ХСС Паўль Цыміяк у інтэрв’ю газеце Die Welt.

6 кастрычніка ў Берліне Меркель, а пазней Цыміяк і іншыя кіраўнікі партыі сустрэліся з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай. Яна атрымала ў падарунак фрагмент Берлінскай сцяны, які, згодна з паведамленнем яе тэлеграм-канала, расцаніла як „часціцу свабоды”.

„У сённяшнім інтэрв’ю Welt я выразна даў зразумець: мужчыны і жанчыны ў Беларусі штодня мужна змагаюцца за правы і каштоўнасці, якія ў астатняй Еўропе ўспрымаюцца як належнае, — напісаў Цыміяк на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. — Пасля больш чым двух дзясяткаў гадоў кіравання Лукашэнкі людзі заслугоўваюць таго, каб за імі з рашучым голасам стаяў ЕЗ і падтрымліваў іх у барацьбе за дэмакратычныя ўмовы. Ухваленыя на мінулым тыдні санкцыі з’яўляюцца толькі першым крокам. Ціск на рэжым Лукашэнкі павінен заставацца высокім. Фальсіфікатары выбараў не маюць права станавіцца іх пераможцамі”.

БелаПАН