Саннікаў: Сапраўднай апазіцыі трэба было здымацца з выбараў
«Так званая апазіцыя не знялася, а значыць, гуляе па сцэнары ўлады», — заявіў нашаму радыё былы кандыдат ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Выбару няма — паўтараюць прадстаўнікі апазіцыі, але ў той жа час удзельнічаюць у электаральнай кампаніі, а іх імёны — ў выбарчых бюлетэнях, якія ужо раздаюць падчас першага дня датэрміновага галасавання.
Фота: REUTERS
Гучаць чарговыя меркаванні, у тым і ліку і ад Андрэя Саннікава:
— Няма гэтых выбараў, увогуле нябачна. Так кажуць нават людзі, якія хацелі б бачыць большую актыўнасць з боку апазіцыі. Ды і апазіцыя, шчыра кажучы, не ўдзельнічае ў гэтых выбарах. Гэта такая гульня Лукашэнкі з Захадам, перш за ўсё з Еўропай, каб прызналі гэтыя выбары і праз гэтыя выбары прызналі рэжым, каб далі крэдыты. Цяпер на ўсё трэба глядзець з пункту гледжання эканомікі. Эканоміка ў заняпадзе і ўсім відавочна, а грамадзянам Беларусі перш за ўсё, што без палітычных зменаў эканамічных зменаў не будзе. Мы можам прывесці прыклад пэўных прыўладных ці ўладных эканамістаў, якія апісвалі рэальны стан эканомікі, і нават паводле іх мы сапраўды дасягнулі найгоршага роўню эканамічнага жыцця. Я тут нават слова «развіцця» не ўжываў бы. Так званыя выбары праходзяць па сцэнары Лукашэнкі і Ярмошынай. Калі ў мяне заходнікі пытаюцца, ці трэба чакаць чаго-небудзь, я заўсёды адказваю: калі вы бачыце, што Ярмошына ўзначальвае ЦВК, то чакаць нічога нельга. Я лічу, што сапраўднай апазіцыі трэба было б здымацца з гэтых выбараў і патрабаваць вольных выбараў, бо гэта адзіны негвалтоўны паступовы шлях да паляпшэння сітуацыі, і перш за ўсё сітуацыі эканамічнай. Каб мы пачалі выбіраць уладу, каб мы сапраўды мелі сваіх прадстаўнікоў, якія б дбалі пра нашы інтарэсы і адстойвалі іх, якія б займаліся сапраўды стварэннем законаў, а не штампаваннем гэтых законаў.
РР: Прадстаўнікі апазіцыі ёсць літаральна на 80% участкаў. Выходзіць, гэтыя людзі ўпісаліся ў тую гульню?
Андрэй Саннікаў: Я б не назваў іх «прадстаўнікамі апазіцыі». Калі б яны зняліся з выбараў, гэта была б пазіцыя, а цяпер яны гуляюць у гульню Лукашэнкі. І насамрэч робяць вельмі брудную справу легітымізацыі гэтага рэжыму. Зараз Лукашэнка і Ярмошына змогуць сказаць: «Вось бачыце, апазіцыя ж удзельнічала і нічога не атрымала — сумленныя выбары былі».
РР: Вы прагназуеце, што Захад можа прызнаць гэтыя выбары?
Андрэй Саннікаў: Для гэтага ўсё робіцца. Гэта ад нас залежыць, ад таго, колькі людзей выйдзе на вуліцу 12 верасня, куды заклікаюць Мікалай Статкевіч і іншыя. Вы яшчэ пабачыце, але я ўжо магу сказаць, што ніякай яўкі не будзе ў дзень выбараў. Бо ў гэты дзень вельмі складана прывесці людзей. Вайскоўцаў – можна, пенсіянерам можна загадаць. Але студэнты — гэта ўжо вычарпаны рэсурс у папярэднім, датэрміновым, галасаванні. Таму не будзе яўкі, і будзе відавочна, што ніякіх выбараў няма.
Мы кажам пра краіну, пра пагаршэнне эканомікі, пра тое, што людзі замест абяцанага Лукашэнкам заробку 1000 даляраў цяпер і 200 не атрымліваюць. І мы кажам, што трэба шукаць выйсце. А шукаць выйсце без палітычных зменаў — немагчыма. І гэта відавочна. Эканамічных зменаў не будзе без палітычных. Таму я лічу, што зараз патрабаванне сумленных, справядлівых выбараў пад міжнародным кантролем — гэта тая стратэгія, якой павінна кіравацца апазіцыя і тлумачыць людзям, што няма ў нас выбараў. Пэўныя асобы, якія вылучыліся, казалі, што хочуць скарыстацца магчымасцю. Усё, скарысталіся — здымайцеся! Але яны не здымаюцца. Чаму? Бо ёсць пэўныя дамоўленасці, я мяркую.
РР: Напрыклад, у парламент трапляюць некалькі прадстаўнікоў Ліберальна-дэмакратычнай партыі і ад «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч.
Андрэй Саннікаў: Гэта не апазіцыя. Вы лічыце іх апазіцыяй? Я адказваю за свае словы, што хацеў бы бачыць апазіцыю, але гэта не апазіцыя. Гэта ўлада і яе пэўныя органы, КДБ. Нічога не будзе. Гэта будуць паслухмяныя кнопканаціскальнікі – і ўсё.
Асноўны дзень галасаванне 11 верасня, датэрміновае галасаванне распачалося сёння.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле: