Сапраўднасць лічбаў па зборы подпісаў выклікае сумнеў
Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца два месяцы. Сваю ацэнку таму, што адбываецца падчас гэтай выбарчай кампаніі, дае старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.
Ірына Вештард: Я б сказала, што гэтая кампанія мае шмат “падводных цячэнняў”. Тут некаторыя пераследуюць нейкія свае мэты, якія асабліва не афішыруюць. Хоць я да апошняга моманту спадзявалася, што ў апазіцыі будзе адзіны кандыдат і будзе адзінства. Не атрымалася. Зараз можна спрагназаваць, што асобных прэтэндэнтаў зарэгіструюць, многія ўжо рапартуюць, што сабралі больш за 100 тысяч подпісаў.
РР: Вы верыце, што яны гэта рэальна зрабілі?
Ірына Вештард: Я прымала ўдзел ва ўсіх прэзідэнцкіх кампаніях і хачу сказаць, што падчас кампаніі-2010 цяжка было сабраць подпісы, а зараз яшчэ складаней. Правільна і пераканаўча можна было б сабраць подпісы, калі б быў вылучаны адзіны кандыдат. Каб пайшлі дружным кагалам, а не асобнымі калонамі. Таму сапраўднасць сёняшніх лічбаў па зборы подпісаў у мяне выклікае вялікі сумніў. Я падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі, каб сабраць 500 подпісаў, нахадзілася так, што ног пад сабой не чула. А зараз неяк усё лёгка прэтэндэнтам даецца. За каго дакладна сабралі больш за 110 тысяч подпісаў, дык гэта за Лукашэнку. Там адміністрацыйны рэсурс працуе, таму сумненняў быць не можа. Таму ў пераканаўчы збор подпісаў не веру.
РР: Многія скардзяцца на абыякавасць людзей да выбараў. Чаму зараз у народа палітычная апатыя?
Ірына Вештард: За 20 гадоў праўлення Лукашэнкі людзі прызвычаіліся да такіх выбараў і ўжо нават не вераць, што будзе неяк інакш. Таму ўся гэтая кампанія, збор подпісаў носяць умоўны характар. І народ разумее, што ніякай барацьбы паміж кандыдатамі не будзе.
РР: Адным словам, выбары пераўтвараюцца ў фармальную працэдуру?
Ірына Вештард: Менавіта так. Калі няма нармальных выбараў, то і разважанні з гэтай нагоды – пустое. Вось паўдзельнічалі ў працэдуры, а выніку – нуль.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя