Сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” збіраецца правесці новы з’езд



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” збіраецца ў бліжэйшы час правесці новы з’езд. З’езд у сакавіку быў справаздачна-выбарчым, а цяпер новы кіраўнік арганізацыі Ігар Барысаў анансаваў планы па ўнясенні некаторых зменаў у статут і праграму арганізацыі. Яны наўрад ці будуць рэзкімі, дата ж новага з’езду пакуль абмяркоўваецца, кажа Ігар Барысаў:

Патрэбны новы з’езд. Гутарка пра яго ўжо ідзе. Ёсць неабходнасць некаторых змен у статуце нашай партыі і ў праграме таксама. Летась мы з Цэнтральным камітэтам прынялі новую праграму дзеянняў. Сто дваццаць тэзісаў нашага бачання на развіццё Беларусі. То, што мы, як сацыял-дэмакраты маем намер рэалізаваць у выпадку нашага прыходу да ўлады. Калі нават гэта не мы рэалізуем некаторую частку пунктаў, а ўлада, гэта таксама будзе нядрэнна.

Ігар Барысаў абяцае наладзіць супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі замежжа ў межах Прагрэсіўнага альянсу – арганізацыі, якая аб’ядноўвае каля 130 партый і рухаў сацыял-дэмакратычнага кірунку.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя