„Сацыяльна-хрысціянскі рух” спрабуе зарэгістравацца ў Мінюсце



Дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання „Сацыяльна-хрысціянскія рух” 26 чэрвеня перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, паведаміла старшыня арганізацыі Вольга Кавалькова.

Паводле яе слоў, усе дакументы, якія тычацца правядзення ўстаноўчага сходу, былі вывераныя, а таму прэтэнзій у афіцыйных органаў быць не павінна. Разам з тым, адзначыла Кавалькова, у Беларусі ўсе пытанні рэгістрацыі або нерэгістрацыі партый і аб’яднанняў вырашаюцца зыходзячы не з пададзеных дакументаў, а з палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў 27 мая ў Менску. „Гэта аб’яднанне, якое будзе займацца сацыяльнымі кампаніямі — у падтрымку беларускай мовы, умовамі ўтрымання ў пенітэнцыярнай сістэме, антыалкагольнымі праблемамі”, — паведаміла тады Кавалькова.

Намеснікам старшыні абраны Максім Гацак.

Вольга Кавалькова — актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). БХД шэсць разоў беспаспяхова спрабавала афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі ў якасці палітычнай партыі. Устаноўчыя з’езды праходзілі ў 2009 годзе, двойчы ў 2010-м, у 2011-м і двойчы ў 2015-м.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.

БелаПАН

Фота: bchd.info