Саўчанка пагадзілася спыніць галадоўку
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка праз тэлефон папрасіў украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якая знаходзіцца ў расейскім СІЗА , спыніць галадоўку, і тая пагадзілася, interfax.by.
„Патэлефанаваў Надзеі Саўчанцы. Асабіста перадаў ёй словы падтрымкі. Мы ўсё будзем рабіць для вызвалення Надзеі. Разам з мамай Надзеі Саўчанкі Марыяй Іванаўнай і сястрой Верай папрасіў Надзю спыніць галадоўку. Дзякуй, што пагадзілася”, – такі запіс з’явіўся ў аўторак на старонцы Парашэнкі ў твітэры.
Раней у Крамлі устрымаліся ад каментароў у сувязі з заявай Парашэнкі, які выказаў надзею, што яму і прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну ўдалося ўзгадніць папярэдні алгарытм вызвалення Саўчанкі.
„Яе лёс абмяркоўваўся”, – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на пытанне, ці згодныя ў Крамлі з такой трактоўкай тэлефоннай размовы прэзідэнтаў РФ і Украіны.
„Прэзідэнты дамовіліся, што да Саўчанкі ў бліжэйшы час будзе забяспечаны доступ генконсула Украіны ў Растове-на-Доне”, – паведаміў Д.Пяскоў.
Як раней паведамлялася, на думку Парашэнкі, вынясенне судом у Кіеве прысуду двум расейскім грамадзянам Аляксандру Аляксандраву і Яўгену Ерафееву дасць магчымасць гаварыць пра магчымасць вызвалення Саўчанкі.
Фота РИАновости