Савет Бяспекі ААН праводзіць тэрміновае паседжанне па сітуацыі на ўсходзе Украіны
Сёння Савет Бяспекі ААН па ініцыятыве Літвы праводзіць тэрміновае пазачарговае паседжанне па сітуацыі на ўсходзе Украіны. Пра гэта заявілі ў прадстаўніцтве Літвы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Прычына літоўскай ініцыятывы ў Савеце Бяспекі ААН – наступ баевікоў самаагалошанай Данецкай Народнай Рэспублікі на Мар’інку. Такія дзеі ДНР азначаюць фактычны зрыў Менскіх пагадненняў, пад якімі кіраўнікі непрызнанай рэспублікі паставілі свае подпісы 12 лютага.
Прадстаўнік Украіны ў ААН Юрый Сяргееў пацвердзіў, што размова будзе весціся менавіта пра сітуацыю ў Мар’інцы.
У ДНР наконт нядаўніх падзеяў пад Мар’інкай прытрымліваюцца іншага пункту гледжання. “Гэта была масштабная правакацыя ўкраінскіх сілавікоў”, — настойвае Эдуард Басурын, намеснік камандзіра корпуса Мінабароны самаагалошанай ДНР.
Расейскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў засведчыў, што згодны сустракацца ў якім заўгодна фармаце, у тым ліку і ў Саўбезе ААН. “Мы гатовыя заклікаць украінскія бакі да выканання менскіх пагадненняў”, – заявіў расейскі дыпламат.
На паседжанні выступяць прадстаўнікі маніторынгавай групы місіі АБСЕ ва Украіне, а таксама намеснік Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Джэфры Фельтман. Сустрэча мае прайсці ў адкрытым фармаце.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота un.org