Савет Еўропы зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Савет Еўропы зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Адпаведная заява ад імя прэс-сакратара генеральнага сакратара Савета Еўропы размешчана на сайце арганізацыі.
„Паведамленні аб яшчэ двух смяротных пакараннях выклікаюць трывогу, — гаворыцца ў заяве. — Савет Еўропы заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яе поўнай адмены„.
У заяве падкрэсліваецца, што ў Еўропе не павінен прымяняцца такі від пакарання.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Пра тое, што ў Беларусі, хутчэй за ўсё, прыведзены ў выкананне яшчэ два смяротныя прысуды, стала вядома 29 мая ў Вярхоўным судзе, дзе разглядаюцца апеляцыі на прысуды па справе аб забойстве трох чалавек.
Адзін з фігурантаў справы Вячаслаў Сухарка паведаміў, што ў ноч на 16 мая з камеры смяротнікаў былі выведзены два яго сукамернікі — Аляксей Міхаленя і Віктар Лётаў. Паводле слоў Сухаркі, ён знаходзіўся з імі ў камеры смяротнікаў чатыры месяцы.
Пра смяротны прысуд Віктару Лётаву 1987 года нараджэння праваабаронцы даведаліся выпадкова. Вядома, што ён быў асуджаны 22 верасня 2017 года Віцебскім абласным судом за забойства сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім. На прэс-канферэнцыі ў канцы студзеня намеснік старшыні ВС Валерый Калінковіч паведаміў, што Лётаў не абскарджваў смяротны прысуд, адмовіўся падаваць апеляцыйную скаргу і хадайніцтва аб памілаванні.
32-гадовы Аляксей Міхаленя — неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі, які ўчыніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў з асаблівай жорсткасцю. Да вышэйшай меры пакарання быў прыгавораны 17 сакавіка 2017 года Гомельскім абласным судом. Яго апеляцыйную скаргу на прысуд калегія па крымінальных справах ВC не задаволіла. БелаПАН