Савет ЕЗ на паўгода падоўжыў эканамічныя санкцый супраць Расеі
Савет ЕЗ прыняў рашэнне аб працягу яшчэ на паўгода эканамічных санкцый супраць Расеі, уведзеных за агрэсію супраць Украіны.
Заява аб гэтым была абнародавана 13 студзеня, піша „Еўрапейская праўда”. Гэта апошні этап у фармальнай працэдуры падаўжэння санкцый – да 31 ліпеня 2022 года.
Эканамічныя санкцыі Еўразвяза ўпершыню былі ўведзены 31 ліпеня 2014 года ў адказ на дзеянні Расеі па дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.
Яны былі ўзмоцнены ў верасні 2014 года, а ў сакавіку 2015 года Еўрапейская рада пагадзілася звязаць іх працягласць з выкананнем Менскіх пагадненняў. З таго часу ЕЗ кожныя паўгода працягвае дзеянне эканамічных абмежаванняў.
16 снежня 2021 года пасля ацэнкі сітуацыі з выкананнем Менскіх пагадненняў на саміце лідараў ЕЗ яны аднагалосна прынялі рашэнне прадоўжыць санкцыі.
Лідары ЕЗ таксама папярэдзілі, што далейшая ўзброеная агрэсія Расеі ў адносінах да Украіны будзе мець маштабныя наступствы, у тым ліку скаардынаваныя з іншымі партнёрамі новыя санкцыі.
У дадатак да эканамічных санкцый, ЕЗ наклаў на Расею абмежаванні таксама за супрацьпраўную анексію Крыма.
Фота: politring.com