Савет ЕЗ ухваліў чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да Беларусі



Новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі пакуль нязначныя – кажа палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Міністры замежных спраў краін ЕЗ зацвердзілі новы санкцый спіс, у які ўвайшлі суддзі, пракуроры, прапагандысты ды шматлікія іншыя асобы, агулам 78 прыватных і 8 юрыдычных асоб:

– Пакуль што з таго, што мы маем, гэта не значныя санкцыі. Пры такіх санкцыях раней гандлёвы абарот Беларусі з Еўрапейскім звязам цалкам нармальна мог расці. Гэтыя захады пакуль што можна разглядаць хутчэй у плашчыні дыпламатыі і паказвання адносін да сітуацыі ў Беларусі, чым як інструмент рэальнага ціску на ўлады ў Беларусі.

“Але варта пачакаць некалькі дзён, калі будуць агучаныя сектаральныя санкцыі. Яны могуць закрануць калійную вытворчасць і нафтахімію і гэта сапраўды можа быць “балючым”, – кажа Андрэй Ягораў. Таксама ён звяртае ўвагу на тое, што апошнім часам істотна зменшыўся паток фінансавых сродкаў ад міжнародных арганізацый у Беларусь:

– Беларусь у прынцыпе згубіла значны аб’ём фінансавай падтрымкі, які ішоў праз міжнародныя інстытуцыі. Тут можна казаць аб праграмах Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, грантавую падтрымку з боку краін-сябраў Еўрапейскага звязу і інстытутаў ЕЗ. Агулам гэта даволі сур’ёзныя страты. Гэтыя грошы нармальна маглі б ісці на падтрымку і мадэрнізацыю крытычнай інфраструктуры краіны.

У выніку, паводле эксперта, Беларусь штогод будзе губляць да паўмільярда даляраў. Таксама Андрэй Ягораў дадае, што любыя санкцыі толькі ствараюць базу для змен у Беларусі, бо рэальна змяніць сітуацыю можна толькі ўнутры самой краіны.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: eurobelarus.info