Савет ЕЗ ухваліў новы механізм санкцый за парушэнні ў сферы правоў чалавека



Савет міністраў замежных спраў Еўразвяза на пасяджэнні 7 снежня зацвердзіў глабальны рэжым санкцый за парушэнні ў сферы правоў чалавека.

Як паведамляе прэс-служба Савета ЕЗ, упершыню ў Еўразвяза з’явіўся рамачны механізм, які дазволіць уводзіць абмежавальныя меры ў дачыненні да асобных фізічных асоб, арганізацый і органаў (як дзяржаўных, так і недзяржаўных), якія адказныя або датычныя да сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.

Уключаным у санкцыйных спіс будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, іх актывы ў еўрапейскіх банках у выпадку выяўлення будуць замарожаны. Акрамя таго, ім будзе абмежаваны доступ да фінансавай сістэмы ЕЗ, а рэзідэнтам Еўразвяза — забаронена даваць асобам з „чорнага спісу” любыя фінансавыя паслугі. Новы механізм санкцый дазволіць ЕЗ прымяняць абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзяніна любой дзяржавы пры падазрэнні ў парушэнні ім правоў чалавека, незалежна ад таго, ці дзейнічае санкцыйны рэжым у дачыненні да гэтай краіны.

Гэты рэжым санкцый будзе прымяняцца за такія дзеянні, як генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і іншыя сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека (катаванні, рабства, пазасудовыя або адвольныя пакаранні смерцю і забойствы, гвалтоўнае знікненне асоб, адвольныя арышты або затрыманні).

Прымаць рашэнні аб уключэнні ў санкцыйны спіс той ці іншай асобы будзе Савет ЕЗ па прапанове дзяржавы-члена або вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі.

„Сённяшняе рашэнне падкрэслівае, што заахвочванне і абарона правоў чалавека застаюцца краевугольным каменем і прыярытэтам знешніх дзеянняў ЕЗ, і адлюстроўвае рашучасць ЕС змагацца з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і злоўжываннямі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы.

Рашэнне апублікавана сёння ў Афіцыйным часопісе Еўразвяз і набудзе моц заўтра, 8 снежня.

Раней ЕЗ увёў два пакеты санкцый супраць беларускіх службовых асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і да гвалту ў дачыненні да іншадумцаў.

belapan.by