Савет ЕЗ зацвердзіў будучую палітыку „Усходняга партнёрства”



Савет Еўразвяза 11 мая зацвердзіў высновы аб палітыцы Усходняга партнёрства пасля 2020 года, паведамляе прэс-служба Савета ЕЗ.

„Сёння савет ухваліў высновы па палітыцы Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года, пацвердзіўшы яе стратэгічную важнасць і сумесную прыхільнасць да стварэння агульнай прасторы дэмакратыі, росквіту і стабільнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — Сённяшнія высновы савета ідуць за высновамі Еўрапейскага савета ад 20 чэрвеня 2019 года, якія азнаменавалі 10-ю гадавіну Усходняга партнёрства, і супольным паведамленнем „Палітыка Усходняга партнёрства пасля 2020 года: умацаванне ўстойлівасці — Усходняе партнёрства, якое будзе плённым для ўсіх” ад 18 сакавіка 2020 года”.

У прынятым дакуменце Савет ЕС „зноў пацвярджае стратэгічнае значэнне, якое ён надае Усходняму партнёрству як канкрэтнаму рэгіянальнаму вымярэнню Еўрапейскай палітыкі суседства, падтрымліваючы ўстойлівыя працэсы рэформаў і прапаноўваючы цесную палітычную асацыяцыю, а таксама эканамічную інтэграцыю з ЕС і адчувальны ўплыў на жыццё людзей”.

„Савет зноў пацвярджае сваю прыхільнасць да стварэння агульнай зоны дэмакратыі, росквіту і стабільнасці, — гаворыцца ў дакуменце. — Яна базуецца на нашай агульнай прыхільнасці да правіл, заснаваных на нормах міжнароднага права, уключаючы тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць і суверэнітэт, як гэта прадугледжана ў прынцыпах Хельсінкскага заключнага акта i Парыжскай хартыі АБСЕ, а таксама асноўных каштоўнасцях, павазе правоў чалавека і асноўных свабодах усіх людзей, уключаючы правы меншасцяў, дэмакратыі, вяршэнстве права, эфектыўным кіраванні, устойлівым развіцці і рынкавай эканоміцы. Савет таксама падкрэслівае, што ў цяперашняй беспрэцэдэнтнай сітуацыі, выкліканай успышкай COVID-19, вельмі важныя салідарнасць і супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку ў рамках Усходняга партнёрства”.

На меркаванне Савета ЕС, гэтая пандэмія з`яўляецца „беспрэцэдэнтным выклікам для сістэм аховы здароўя і эканомікі як дзяржаў-членаў, так і краін Усходняга партнёрства”. Пры гэтым Савет ЕС высока ацэньвае прапанаваны пакет мер па падтрымцы краін УП у „пераадоленні крызісу, у прыватнасці ў змякчэнні наступстваў успышкі COVID-19 для жыцця людзей, занятасці і эканомікі”. „Пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства неабходнае для барацьбы з пандэміяй, захавання сістэм аховы здароўя і падтрымкі працы ўрада і суб`ектаў грамадзянскай супольнасці, эфектыўнай грамадзянскай аховы, аблягчэння доступу да фінансавання і падтрымкі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама давання своечасовай і дакладнай інфармацыі грамадзянам. Пашырэнне супрацоўніцтва таксама неабходнае для прыняцця мер па прадухіленні гвалту ў сям`і і забеспячэнні салідарнасці і падтрымкі асоб, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы”, — гаворыцца ў дакуменце.

Савет ЕС вітае дасягненні Усходняга партнёрства і „пацвярджае свой падыход, заснаваны на стымулах і ўмовах, як сродак заахвочвання краін Усходняга партнёрства да працягу рэформаў і нарошчвання намаганняў у гэтым кірунку”.

„Савет цэніць тое, што крытычнае ўзаемадзеянне ЕС з Беларуссю стала больш усёабдымным, што нядаўна пацвердзілі падпісанне і ратыфікацыя пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі”, — адзначаецца ў дакуменце.

„Савет з нецярпеннем чакае наступнага саміту Усходняга партнёрства, на якім, як чакаецца, будуць разгледжаны вынікі, дасягнутыя з часу правядзення апошняй сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2017 годзе, ухвалены доўгатэрміновыя палітычныя мэты і намечаны шляхі далейшага ўмацавання і паглыблення супрацоўніцтва, а таксама будзе дадзены мандат на падрыхтоўчую працу над наступным этапам вынікаў пасля 2020 года”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

belapan.by