Савет па правах чалавека працягнуў на год мандат спецдакладчыка па Беларусі



Савет па правах чалавека працягнуў яшчэ на год мандат спецдакладчыка па Беларусі. Рэзалюцыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прынятая 17 ліпеня, паведамляе сайт упраўлення вярхоўнага камісара ААН. Дакумент заклікае ўлады Беларусі гарантаваць правядзенне свабодных, сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама прыняць меры для спрыяння мірнаму працэсу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

Савет заклікаў улады Беларусі супрацоўнічаць са спецыяльным дакладчыкам Анаіс Марэн, у прыватнасці дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасцю. Беларусь таксама павінна выканаць рэкамендацыі спецдакладчыка і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі спецыяльнымі працэдурамі ААН, гаворыцца ў рэзалюцыі. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, 10 лiпеня Анаіс Марэн заклікала міжнародную супольнасць працягнуць мандат спецдакладчыка па Беларусі і працягваць ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне напярэдадні выбараў прэзідэнта.

Фота: news.un.org