Савет Рэспублікі РБ ратыфікаваў дагавор з Польшчай аб сацыяльным забеспячэнні



Савет Рэспублікі на пасяджэнні 2 кастрычніка ратыфікаваў дагавор з Польшчай аб сацыяльным забеспячэнні.

Выступаючы перад сенатарамі, намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгор Бысюк звярнуў увагу на асаблівую актуальнасць гэтай дамовы.

„Мы ўсе ведаем, што паміж Беларуссю і Польшчай назіраецца актыўная працоўная міграцыя. Толькі ў 2017—2018 гадах колькасць запрашэнняў, накіраваных польскімі працадаўцамі на адрас беларускіх грамадзян, паводле інтэрнэт-крыніцаў, ацэньваецца ад 6 тыс. да 38-40 тыс.”, — адзначыў Бысюк.

Такім чынам, вельмі важна, дадаў ён, каб беларускія грамадзяне, як і грамадзяне Польшчы, якія працуюць у Беларусі, мелі сацыяльныя гарантыі як на перыяд працы, так і пасля выхаду на пенсію.

„Асноўная мэта гэтага дагавора — урэгуляванне пытанняў пенсійнага забеспячэння грамадзян Беларусі і Польшчы, якія працуюць за межамі сваіх дзяржаў”, — падкрэсліў Бысюк.

Паводле яго слоў, дагавор грунтуецца на прапарцыйным прынцыпе, пры якім пенсія прызначаецца і выплачваецца кожнай дзяржавай за перыяд працоўнага стажу, набытага на яго тэрыторыі.

„Грамадзяне абедзвюх дзяржаў змогуць таксама прэтэндаваць і на страхоўку ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, і на дэкрэтныя дапамогі. Аднак гэта будзе тычыцца толькі тых грамадзян Беларусі і Польшчы, якія легальна ўладкуюцца на працу”, — растлумачыў Бысюк.

У сваю чаргу міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паведаміла, што дамову, аналагічную заключанай з Польшчай, Беларусь плануе падпісаць і з іншымі дзяржавамі.

„Зараз мы актыўна працуем над падпісаннем дагавора з Малдовай, 1 сакавіка 2020 года набывае моц дагавор з Эстоніяй, ёсць дамоўленасць (выйсці на аналагічны дагавор) з Балгарыяй”, — сказала Касцевіч.

belapan.by