Савецкая раённая камісія Гомеля адмовілася прызнаваць усе подпісы за Бабарыку і Цапкалу
Адбылося паседжанне Савецкай раённай камісіі Гомля па выбарах прэзідэнта. На ім прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка.
Камісія знайшла высокі адсотак нібыта несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы – а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі. Самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі – 23,28%.
Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасці, на праверку бралі іншыя подпісы. У выніку камісія прыняла рашэнне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя подпісы.
У Валерыя Цапкалы па выніку дзвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе подпісы, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.
«Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але адсотак несапраўдных подпісаў за іх – каля 4-5% – дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі.
Беларускае Радыё Рацыя