СБУ: Хутка Надзея Саўчанка будзе на волі
Дарадчык старшыні Службы бяспекі Украіны Юры Тандыт заявіў, што асуджаная ў Расеі ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка ў бліжэйшы час будзе вызваленая. «Мы са свайго боку зрабілі ўсё, вызначыліся з рамкамі, куды будзем далей ісці. І зараз, фактычна, рашэнне на баку Крамля. Мы ведаем, што ў бліжэйшы час Надзея Саўчанка будзе вызваленая. Мы да гэтага рыхтуемся», — сказаў ён у эфіры тэлеканалу «Дождь».
Нагадаем, 22 сакавіка Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці асудзіў Надзею Саўчанку да 22 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай у саўдзеле ў забойстве двух расейскіх журналістаў на ўсходзе Украіны. Надзея Саўчанка сваю віну катэгарычна адмаўляе.
Украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка назваў працэс па справе лётчыцы «ганебным судзілішчам» і выказаў гатоўнасць абмяняць Саўчанку на двух расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, затрыманых у зоне спецаперацыі ў Данбасе.