СБУ затрымала жанчыну, якую падазраюць у змове з мэтай забойства Зяленскага
Служба бяспекі Украіны затрымала жанчыну, якую падазраюць ва ўдзеле ў расейскай змове з мэтай забойства прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага, піша ВВС.
Паводле звестак службы, затрыманая жыхарка Украіны спрабавала высветліць маршрут прэзідэнта напярэдадні яго візіту ў Мікалаеў, што пацярпеў ад паводкі пасля трагедыі на Кахоўскай ГЭС у чэрвені гэтага года. Расея пакуль не пракаментавала арышт.
У СБУ заяўляюць, што яны ведалі пра змову яшчэ да візіту Зяленскага ў Мікалаеў, і прынялі дадатковыя меры бяспекі. Паводле звестак супрацоўнікаў ведамства, падазраваная спрабавала перадаць Расеі інфармацыю пра месцазнаходжанне сістэм радыёэлектроннай барацьбы і складоў з боепрыпасамі.
Цяпер жанчыне могуць выставіць абвінавачанні ў несанкцыянаваным распаўсюдзе інфармацыі пра перамяшчэнне зброі і войскаў. Калі яе віна будзе даказаная, ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.