СБУ заявіла аб падрыхтоўцы РФ дыверсіі на „Мазырскім НПЗ”. Мэта – уцягнуць Беларусь у вайну
Служба бяспекі Украіны сёння заявіла аб тым, што Расея можа рыхтаваць аперацыю пад чужым сцягам на „Мазырскім НПЗ”. Для гэтага могуць быць скарыстаныя вайскоўцы, перакінутыя ў Беларусь пад выглядам «вагнераўцаў».
Паводле інфармацыі, СБУ дыверсійна-разведвальная група павінна здзейсніць правакацыю на НПЗ, выдаючы сябе за ўкраінскіх дыверсантаў. У дыверсіі плануецца абвінаваціць украінскі бок з мэтай уцягвання Беларусі ў поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Сцвярджаецца, што інфармацыя атрымана з некалькіх крыніц. У такой якасці таксама згадваецца расейскі вайсковец, узяты ў палон на Запарожскім кірунку. Нібыта ён нядаўна атрымаў загад перадыслакавацца ў Беларусь у якасці ўдзельніка ПВК «Вагнер». У яго тэлефоне нібыта знойдзена выдаленая перапіска з іншымі выканаўцамі, здымкі аб’екта і іншая інфармацыя аб аперацыі.
СБУ таксама апублікавала здымкі і фатаграфію ваеннага білета ваеннаслужачага са схаваным імем і прозвішчам. З адкрытых палёў білета вынікае, што яму 42 гады і ён з’яўляецца старэйшым лейтэнантам.
На здымках прамысловага аб’екта, зробленых з вышыні, некаторыя ўчасткі фатаграфій абведзены чырвонымі кружкамі. У цэлым яны супадаюць з фатаграфіямі «Мазырскага НПЗ», якія ёсць у сэрвісе Google Maps.