Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў у Беларусі



Сейм Літвы на пазачарговым пасяджэнні 18 жніўня прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў прэзідэнта ў Беларусі.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 120 дэпутатаў, два ўстрымаліся, паведамляецца на сайце парламента.

„Мы не прызнаем вынікі выбараў 9 жніўня. Мы не лічым Аляксандра Лукашэнку законным кіраўніком Рэспублікі Беларусь. Мы патрабуем правядзення новых, празрыстых выбараў прэзідэнта і парламента ў адпаведнасці з дэмакратычнымі працэдурамі. Мы прапаноўваем ініцыяваць пасрэдніцкую місію. Мы заклікаем да ўвядзення персанальных санкцый у дачыненні да ўсіх, хто фальсіфікаваў выбары, а таксама ў дачыненні да тых, хто нясе адказнасць за парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека”, — заявіў дэпутат Жыгімантас Павілёніс, які прадстаўляў праект рэзалюцыі.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік аказаць падтрымку беларускім няўрадавым арганізацыям пры адначасовым абмежаванні фінансавай і іншай падтрымкі дзяржаўным установам.

„Тое, што адбылося, — гэта не толькі парушэнне правоў чалавека, але і магчымыя злачынствы, якія неабходна расследаваць, а вінаватыя павінны адказаць. Гэта пэўны момант ісціны для ўсіх”, — заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які прысутнічаў на пасяджэнні.

belapan.by