Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю аб пагрозе БелАЭС
Сейм Літвы заклікаў урад Літоўскай Рэспублікі распачаць неадкладныя крокі, каб заблакаваць літоўскі рынак электраэнергіі для доступу электраэнергіі з Беларусі. Адпаведную рэзалюцыю, у якой гаворыцца пра пагрозу, што зыходзіць ад Астравецкай атамнай электрастанцыі, сейм прыняў 5 мая. За яе прагаласавалі 82 дэпутаты, устрымаліся — 4, паведамляе прэс-служба літоўскага парламента.
Адначасова сейм настойліва заклікаў урад звярнуцца да тэхнічных мер, каб загадзя да пачатку эксплуатацыі БелАЭС абмежаваць падачу электраэнергіі з Беларусі ў Літву да мінімальнага ўзроўню, неабходнага для забеспячэння надзейнай працы літоўскай электрасеткі.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік дамагацца прыняцця Еўрапейскім саюзам юрыдычна абавязковага рашэння аб пагрозе, якую ўяўляе для насельніцтва Еўрасаюза БелАЭС, і дамагацца адпаведных дзеянняў на ўзроўні ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі.
„Ураду прапануецца прыкласці ўсе намаганні для забеспячэння таго, каб саюзнікі Літвы ўвялі санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў, якія адказваюць за будаўніцтва, іншых прадпрыемстваў і пасрэднікаў, што займаюцца будаўніцтвам Астравецкай АЭС і ўдзельнічаюць у гандлі вырабленай такім чынам скампраметаванай электраэнергіяй”, — паведамляе прэс-служба літоўскага парламента.
Рэзалюцыя сейма заклікае ўрад выкарыстоўваць усе палітычныя і дыпламатычныя сродкі, каб заручыцца падтрымкай Еўрасаюза, краін — членаў ЕС, членаў НАТА, Украіны, іншых дзяржаў рэгіёна і ўсёй міжнароднай супольнасці ў справе ліквідацыі пагрозы, якую стварае Беларуская АЭС.
БелАЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць) непадалёк ад мяжы з Літвой за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Згодна з апошнімі заявамі чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога — на 2021-шы.
Стварэнне атамнай станцыі ў Беларусі найбольш актыўна крытыкуе Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва АЭС пад Астраўцом вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва заклікала суседзяў з ЕС (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.
Фота nedelia.lt