Сейм Літвы заклікаў міжнародную супольнасць не дапусціць умяшання Расеі ў справы Беларусі
Сейм Літвы заклікаў міжнародную супольнасць не дапусціць умяшання Расеі ў справы Беларусі. Адпаведная рэзалюцыя, паведамляе сайт сейма, была аднагалосна прынятая літоўскімі парламентарыямі 10 верасня, за яе прагаласаваў 91 дэпутат.
Сейм заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць патрабаванне „абранага беларускага лідара Святланы Ціханоўскай і створанай па яе ініцыятыве Каардынацыйнай рады аб правядзенні новых, празрыстых і дэмакратычных выбараў”.
„Любыя дзеянні нелегітымнага беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ва ўнутранай і знешняй палітыцы, накіраваныя на легітымізацыю яго кіравання і заключэнне новых міжнародных пагадненняў з Расіяй, якія абмяжоўваюць суверэнітэт беларускага народа, з’яўляюцца злачынствам супраць яго народа, адпаведна не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У выпадку, калі Расея будзе ўмешвацца ва ўнутраную і замежную палітыку Беларусі і спрабаваць „абмежаваць суверэнітэт краіны супраць волі беларускага народа”, рэзалюцыя заклікае прымяніць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Расеі, а таксама „прадстаўнікоў беларускага рэжыму”.
Літоўскі сейм таксама заклікаў міжнародную супольнасць „прапанаваць беларускаму народу і яго законным прадстаўнікам палітычную, эканамічную, фінансавую падтрымку, спрашчэнне візавага рэжыму і іншую дапамогу ў выпадку правядзення новых празрыстых і дэмакратычных выбараў у краіне”.
belapan.by
Фота rubaltic.ru