Сейм Польшчы прыняў Рэзалюцыю па Беларусі
28 мая Сейм Польшчы прыняў Рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, у якой заклікае парламенты краін Еўрапейскага Звяза і Савета Еўропы актыўна і сумесна дзейнічаць на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці, паведамляе sejm.gov.pl.
«Сейм Рэспублікі Польшча рашуча асуджае акт дзяржаўнага тэрору, у выніку якога 23 мая 2021 года ў Менску быў вымушаны прызямліцца самалёт Ryanair, што стварыла пагрозу авіяцыйнай бяспекі, а таксама незаконнае затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі з боку ўладаў Беларусі”.
«Мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення і гарантуем ім свабоду перамяшчэння», – гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай Соймам.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да парламентаў краін Еўрапейскага Звяза і Савета Еўропы актыўна і сумесна дзейнічаць на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі, узмацніць сумесную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі, і падтрымаць намаганні па вызваленні палітычных зняволеных.
Дэпутаты таксама выказалі занепакоенасць эскалацыяй рэпрэсій у Беларусі, якая таксама закранула польскую нацыянальную меншасць і прывяла да арышту Анжалікі Барыс, Анджэя Пачобута, Ганны Панішэўскай, Марыі Цішкоўскай і Ірэны Бярнацкай.
«Маштабы і інтэнсіўнасць рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, якія ахапілі Беларусь пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 года, патрабуюць салідарнасці і рашучых дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці”, – падкрэсліваецца ў прынятым дакуменце.
Фота: Канцылярыя Сейму/Рафал Замбжыцкі