Сейм Польшчы прызнаў Валынскую разню генацыдам
Польскі Сейм прыняў рэзалюцыю ў справе Валынскай разні, якая вызначае 11 ліпеня Днём памяці пра ахвяр генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі на грамадзянах ІІ Рэчы Паспалітай у 1939-1945 гадах.
У дакуменце гаворыцца, што арганізаваны і масавы характар Валынскай разні мае адзнакі этнічнай чысткі і генацыду. Рэзалюцыя змяшчае таксама запіс пра тое, што гаворачы аб злачынствах украінскіх нацыяналістаў нельга замоўчваць ці апраўдаць і польскіх акцыяў супраць цывільных жыхароў украінскіх вёсак..
Аўтары рэзалюцыі заклікалі правесці годнае пахаванне і ўшанаванне ўсіх ахвяраў разні.
Паводле падлікаў Інстытуту нацыянальнай памяці, у 1943-1945 гадах на Валыні, ва ўсходняй Малапольшчы і на Любліншчыне загінулі каля 100 тысяч грамадзян міжваеннай Польшчы.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка лічыць, што рашэнне польскага Сейма можа выкарыстоўвацца для палітычных спекуляцый.
Пра гэта прэзідэнт напісаў на сваёй старонцы ў facebook.
«Мне вельмі шкада з нагоды рашэння польскага Сейма. Ведаю, многія захочуць выкарыстаць яго для палітычных спекуляцый», — напісаў Парашэнка.
Ён заклікаў не забываць пра запаведзь Яна Паўла II адносна прабачэння.
«Аднак, мы павінны вярнуцца да запаведзі Яна Паўла II — даруем і просім прабачэння. Толькі сумеснымі крокамі мы зможам прыйсці да хрысціянскага прымірэння і яднання. Толькі разам зможам высветліць усе факты трагічных старонак сумеснай гісторыі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя