Сейм Польшчы ўхваліў папраўкі аб зносе камуністычных помнікаў



Сейм Польшчы, ніжняя палата парламента, ухваліў папраўкі ў законапраект аб забароне прапаганды камунізму, якія прадугледжваюць дазвол на дэмантаж помнікаў і мемарыялаў савецкай эпохі. Пра гэта паведамляе польскае выданне Wiadomosci Onet. За дакумент прагаласавалі 408 дэпутатаў, супраць – 7, устрымаліся 15 чалавек.

Палажэнні законапраекта не распаўсюджваюцца на манументы, не выстаўленыя на грамадскі агляд, на сімволіку на могілках і на выстаўленыя ў мастацкіх або навуковых мэтах аб’екты. Пад дзеянне дакумента не трапяць тыя аб’екты, якія выстаўляюцца на грамадскі агляд не толькі для «прапаганды таталітарнага рэжыму», піша выданне.

Акрамя таго, законапраект забараняе выкарыстоўваць у назвах школ, дзіцячых садкоў, бальніц, іншых грамадскіх і культурных устаноў словы, «якія прапагандуюць камунізм або іншыя таталітарныя сістэмы».

Рашэння аб дэмантажы аб’ектаў будуць выносіць улады ваяводстваў. Для зносу трэба будзе атрымаць згоду Інстытута нацыянальнай памяці — дзяржаўнай установы, якая вывучае дзейнасць дзяржструктур СССР і нацысцкай Германіі на тэрыторыі Польшчы.

Помнікі, якія трапляюць пад дзеянне дакумента, павінны быць дэмантаваныя на працягу 12 месяцаў з моманту ўступлення закона ў сілу. Закон уступіць у сілу праз тры месяцы з моманту яго афіцыйнай публікацыі.

У сакавіку 2017 года польскае выданне Rzeczpospolita, паведамляючы аб распрацоўцы законапраекта, адзначала, што пад яго дзеянне могуць падпасці 490 помнікаў і манументаў на тэрыторыі краіны.