Сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду новага пасла ў Беларусі



Сенат Кангрэса ЗША 15 снежня зацвердзіў кандыдатуру амерыканскага дыпламата Джулі Фішэр на пасаду новага пасла ў Беларусі. Трансляцыя пасяджэння вялася на сайце верхняй палаты амерыканскага заканадаўчага органа.

Дыпмісія ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Па патрабаванні беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

4 сакавіка 2019 года Мінск афіцыйна папярэдзіў Вашынгтон аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.

17 верасня таго ж года намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хейлі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэнне аднавіць дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.

20 красавіка 2020 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім Звязе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі. У пачатку мая Трамп унёс яе кандыдатуру на зацвярджэнне сената.

Пытанне аб адпраўцы амерыканскага пасла ў Беларусь будзе разгледжанае пасля зацвярджэння сенатам Кангрэса ЗША прапанаванай кандыдатуры Фішэр на гэту пасаду, паведаміў Джордж Кент на брыфінгу 6 лістапада.

belapan.by