Сенат Польшчы павялічыў бюджэт на дапамогу палякам за мяжой



Камісія Сената па сувязях з палякамі за мяжой ўхваліла павышэнне бюджэту на апеку над польскай дыяспарай ў наступным годзе на 5 мільёнаў злотых.

Старшыня непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс адзначае, што падтрымка польскіх уладаў вельмі важная для палякаў, якія пражываюць за мяжой.

Гэта сведчыць пра тое, што справа адукацыі польскай, культуры па-за межамі Польшчы вельмі важная для ўрада Польшчы і для Сената, і таму я думаю, што многія арганізацыі, якія гэтым займаюцца будуць вельмі задаволеныя. Не толькі Саюз Палякаў, але ўсе паланійныя арганізацыі ва ўсім свеце атрымліваюць дапамогу ад польскага ураду. І гэта вельмі важная падтрымка ў развіцці культуры і польскай адукацыі.

Кіраўнік Канцылярыі Сената, міністр Якуб Кавальскі паведамляе, што ў будучым годзе сума, прызначаная на апеку над палякамі за мяжой, павялічана амаль на 7% і штогод будзе расці.

Старшыня Камісіі Сената па справах эміграцыі і сувязях з палякамі за мяжой Яніна Сагатоўская станоўча ацаніла рост бюджэту на гэтую мэту. На яе думку, дадатковыя 5 мільёнаў злотых дапамогуць прадстаўнікам польскай дыяспары, асабліва ў такіх прыярытэтных сферах, як адукацыя, культура, СМІ і падтрымка польскіх арганізацый.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя