Сенат Рэспублікі Польшча павіншаваў беларускі народ з Днём Волі
Сенат Рэспублікі Польшча павіншаваў беларускі народ з Днём Волі.
На адмысловы брыфінг былі запрошаныя польскія палітыкі, а таксама кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка ды сузаснавальнік Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. У прыватнасці маршалак Сенату Томаш Гродзкі адзначыў, што Польшча ніколі не спыніцца ў сваім імкненні дапамагаць беларускаму народу на шляху да дэмакратыі.
– Заяўляю, што Сенат Рэчы Паспалітай заўсёды будзе стаяць на баку імкнення да вольнасці Беларусі, і дэкларую, што ў нашай сіле, зробім усё, каб тыя рухі вольнасці падтрымліваць і памятаць, што суседская дапамога для сяброў, якія змагаюцца за суверэнітэт, дэмакратыю і вольнасць – ёсць нашым абавязкам.
Cенатар Марцін Басацкі заклікаў міністра замежных спраў Польшчы ў складаныя для беларусаў часы прыняць больш кардынальныя меры ў адносінах да афіцыйнага Менска.
– Гэта найбольшая хваля рэпрэсій у гісторыі Цэнтральнай Еўропы за апошнія 30 гадоў. Націск вольнага свету на рэжым Лукашэнкі сёння нават меншы, чым 10 гадоў таму, калі мы мелі дачыненні з папярэдняй хваляй рэпрэсій на Беларусі. Сёння гэта тэст для Еўразвязу і таксама тэст для польскай дыпламатыі. Заклікаю міністра, каб найхутчэй будаваць кааліцыю для дапамогі вольным беларусам і для націску на рэжым Лукашэнкі.
Сузаснавальнік Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк у сваю чаргу ўзгадаў пра затрыманых напярэдадні і ў Дзень Волі кіраўнікоў непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс і Андрэя Пачобута і адзначыў, што дэмакратыя ў Беларусі – гэта супольная справа польскага і беларускага народаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя