Сенат ЗША апраўдаў Дональда Трампа
Імпічмент Дональду Трампу, працэс якога ініцыявала дэмакратычная партыя ЗША, праваліўся. Сенат ЗША ў суботу не набраў бальшыні (дзве трэці галасоў), патрэбную для асуджэння папярэдняга прэзідэнта ЗША Дональда Трампа за нібыта падбухторванне да штурму Капітолія 6 студзеня. Тым самым працэс разгляду імпічменту завяршыўся.
За асуджэнне прагаласавалі 57 сенатараў пры патрэбнай колькасці 67. 43 рэспубліканца прагаласавалі супраць.
„Гэта была чарговая фаза найвялікшага палявання на ведзьмаў у гісторыі нашай краіны” – заявіў офіс Трампа адразу пасля таго, як сталі вядомыя вынікі галасавання.
Трамп заявіў наступнае: „Наш гістарычны, патрыятычны і цудоўны рух за тое, каб Зрабіць Амерыку Зноў Вялікай, толькі пачаўся. Бліжэйшымі месяцамі я падзялюся з вамі многім, і я з нецярпеннем чакаю працягу нашага неверагоднага падарожжа да амерыканскай велічы для ўсяго нашага народу”.
Беларускае Радыё Рацыя
