Сенат ЗША ўхваліў законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне



Сенат ЗША ўхваліў праект вайсковага бюджэту на 2016 фінансавы год, згодна катораму Украіна атрымае 300 мільёнаў даляраў для мадэрнізацыі войска. Гэтыя грошы маюць быць мэтава вытрачаныя на дапамогу ад Пентагона.

З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Такім чынам, Украіна нарэшце атрымае тое, чаго дамагалася ад Злучаных Штатаў яшчэ ад пачатку анексіі Крыма: лятальную зброю. У праекце падрабязна пералічана, на што можа разлічваць Кіеў. Гэта “сродкі барацьбы з танкамі, мінамёты, гранатамёты, лёгкая стралковая зброя, а таксама боепрыпасы да іх”. З нелятальнай зброі ўкраінскае войска атрымае радары сярэдняй і вялікай дальнасці для выяўлення варожай артылерыі, дроны, радыястанцыі, сродкі электроннай выведкі.

Мяркуецца, што з 300 мільёнаў даляраў толькі 20 % будзе вытрачана на тэхніку і ўзбраенне, а астатняе пойдзе на фінансаванне лагістычных праграм і курсаў навучання ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аналітыкі звязваюць такое рашэнне Сенату ЗША з нядаўняй сустрэчай украінскага прэм’ер-міністра Арсенія Яцэнюка і ўплывовга сенатара Дзіка Дурбана. Падчас гэтай сустрэчы Яцэнюк заклікаў павялічыць ровень амерыканскай дапамогі з-за агрэсіі Крамля да Данбасе.

Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота AP