Сенатар Круз затрымлівае зацверджанне кандыдатуры кіраўніка ЦРУ



Адзін з кіраўнікоў Рэспубліканскай партыі ў Сенаце ЗША Тэд Круз патрабуе ад адміністрацыі Байдэна ўводзінаў новых санкцый у дачыненні да расейскага праекту газаводу „Паўночны струмень-2”.

Сенатар-рэспубліканец адмовіўся зацвердзіць Уільяма Бёрнса, прызначэнца прэзідэнта Джо Байдэна, на пасаду кіраўніка Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення (ЦРУ). Круз запатрабаваў ад адміністрацыі Байдэна ўводзінаў новых жорсткіх санкцый у дачыненні расейскага газаводу „Паўночны струмень-2”.

Члены сенацкага Камітэту па разведцы на гэтым тыдні аднагалосна падтрымалі кандыдатуру Бёрнса, былога амбасадара ЗША ў Расеі, на пасаду новага кіраўніка ЦРУ. Чакаецца, што яго кандыдатура будзе ўрэшце ўхвалена Сенатам у поўным складзе.

Круз пастанавіў адкласці прызначэнне Бёрнса, каб зрабіць ціск на адміністрацыю з мэтай уводзінаў новых санкцый у дачыненні кампаній, якія дапамагаюць расейскаму энергетычнаму дзяржканцэрну „Газпром” у будаванні газавода коштам 11 мільярдаў даляраў. Праз яго Расея разлічвае пастаўляць газ па дне Балтыйскага мора ў Еўропу праз Германію.

Трубавод будуецца ў абыход Украіны, пазбаўляючы Кіеў выгодных транзітных збораў, і падрываючы яго высілкі па змаганні з расейскай агрэсіяй.

Амерыканскія заканадаўцы ад абедзвюх партый, якія выступаюць супраць праекту, падлічылі, што ўсяго ў праекце завяршэння будаўніцтва „Паўночнага струменя-2” удзельнічаюць каля 15 суднаў. Аднак у мінулым месяцы Дзярждэпартамент ЗША ўвёў санкцыі толькі ў дачыненні да аднаго судна, якое ўдзельнічае ў праекце.

Беларускае Радыё Рацыя