Сенатар Паўлоўскі пазбаўлены недатыкальнасці і затрыманы



Савет Рэспублікі на пасяджэнні сесіі 30 кастрычніка пазбавіў недатыкальнасці члена верхняй палаты парламента Андрэя Паўлоўскага.

«Гэтае рашэнне прынята на падставе матэрыялаў, што паступілі з праваахоўных органаў, якія тычыліся яго дзейнасці як уладальніка камерцыйных структур, і не звязана з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў члена Савета Рэспублікі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СР.

Андрэй Паўлоўскі — член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Быў абраны членам СР пятага склікання ад Гродзенскай вобласці (вылучаны ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў).

Тое, што сенатара не толькі пазбавілі недатыкальнасці, але і затрымалі супрацоўнікі КДБ, Tut.by паведамілі некалькі інфармаваных крыніц.

«Сёння [у Савеце Рэспублікі] выступіў [старшыня КДБ Валерый] Вакульчык і сказаў, наколькі мы зразумелі, пра ўтойванне падаткаў структурамі Паўлоўскага», – распавёў адзін з сенатараў. «Самога бізнесоўца ў зале не было», – дадаў прадстаўнік Сенату.

Па словах калегі Паўлоўскага, бізнесоўца, верагодна, незадоўга да гэтага затрымалі прадстаўнікі праваахоўных органаў.

Мабільны тэлефон Андрэя Паўлоўскага не адказвае. У прэс-службе КДБ не змаглі даць аператыўнага каментара.

Андрэй Паўлоўскі стаў чальцом Савету Рэспублікі пятага склікання ад Гарадзенскай вобласці – вылучаны ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў.

Уваходзіць у Топ-100 найбуйнейшых бізнесменаў Беларусі па версіі «Ежедневніка». Яму 48 гадоў, ён жыве ў Гародні.

Уладальнік кампаніі «Біякам», якая займаецца вытворчасцю заменнікаў суцэльнага малака і сухога абястлушчанага малака, кармавых дадаткаў, біялагічных кансервантаў і нейтралізатараў ў Гародні. Таксама сярод яго актываў – «Біякам Агра» (дыстрыбуцыя ветэрынарных сродкаў і біядабавак, транспартныя паслугі) і «Біякам Тэхналогія» (вытворчасць даільных робатаў).

Акрамя таго, займаўся інвестыцыямі ў нерухомасць у Гародні – ўкладваў грошы ў будаўніцтва тэнісных кортаў і кавярняў.

У Шчучыне яго кампанія «Праймілк» завяршае будаўніцтва буйнога заводу па вытворчасці сыроватна-тлушчавага канцэнтрату.

У 2012-2013 гадах бізнесоўца стаў уладальнікам буйных пакетаў акцый харчовых гігантаў Гарадзенскай вобласці: ваўкавыскага «Беллакту», Шчучынскага масласырзаводу і агракамбінату «Скідзельскі».

Узнагароджаны ганаровымі граматамі Гарадзенскага гарадскога савету дэпутатаў, дзяржаўнай установы «Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны» Гроднаінвест«, ордэнам Расейскай праваслаўнай царквы Свяціцеля Кірылы Тураўскага.

У беларускіх рэаліях пазбаўленне недатыкальнасці сенатара практычна заўсёды цягне за сабой крымінальны пераслед. Нагадаем, у ліпені 2014 стала вядома аб пазбаўленні сенатарскай недатыкальнасці і затрыманні чальца Савету Рэспублікі, бізнесоўца Віталя Кастагорава. Яго абвінавачвалі ў сыходзе ад выплаты падаткаў на суму ў Br 1,5 млрд. Сілавікі падлічылі, што ажыццяўленне незаконнай дзейнасці дазволіла падазраванаму набыць кватэру ў Маскве коштам каля $ 1 млн, пабудаваць катэдж у Магілёве за $ 350 тыс. і купіць два дарагія аўтамабілі. Адначасова ён аплачваў навучанне і пражыванне сына ў Барсэлоне. 30 снежня мінулага гады экс-сенатарКастагораў унёс больш за € 340 тыс. і выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. Яго ж прадпрыемства «Палітэкс» было прызнанае банкрутам.

14 жніўня мінулага года на пазачарговай сесіі Савету Рэспублікі сенатары далі згоду на пазбаўленне недатыкальнасці і ажыццяўленне крымінальнага пераследу яшчэ аднаго свайго калегі – генеральнага дырэктара «Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі» Ганны Шарэйкі. Яна была прызнаная падазраванай у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і ўзятая пад варту.

Па версіі следства, Шарэйка закупляла імпартны камбікорм замест айчыннага і тым самым нанесла прадпрыемству шкоду на больш як Br 4 млрд. Таксама было заяўлена, што яна «ў выніку незаконных дзеянняў у кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. метраў, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, забяспечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні ». На прадпрыемстве ў вінаватасць дырэктара не вераць і чакаюць яе вяртання. Расследаванне гэтай справы яшчэ не завершанае.

Белсат

Фото: Ольга Лойко, TUT.BY