Сенатары ЗША прадставілі законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі
Група амерыканскіх сенатараў ўнесла законапраект пра новыя санкцыі супраць Расеі, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне сенатар Бэн Кардзін.
Паводле яго слоў, прапановы па санкцыях тычацца „спробаў Расеі паўплываць на выбары ў ЗША” і сітуацыі вакол Украіны і Крыма. Таксама санкцыі закрануць інвестыцыі ў энергетычны сектар і суверэнны доўг Расеі.
Як заявіў сенатар Джон Маккейн, кангрэс павінен „спыніць дзеянні Расеі на Украіне і ў Сірыі па-за залежнасці ад пазіцыі абранага прэзідэнта Дональда Трампа”.
Законапраект падрыхтавалі прадстаўнікі абедзвюх партый – рэспубліканец Маккейн і дэмакраты Кардзін і Роберт Менендес. Дакумент, каб стаць законам, павінен быць прыняты абедзвюма палатамі Кангрэса і падпісаны прэзідэнтам.
Раней агенцтва Рэйтэр паведамляла, што законапраект прадугледжвае візавыя абмежаванні і замарожванне актываў асоб, „якія ўдзельнічалі ў значных дзеяннях, якія падрываюць кібербяспеку грамадскай або прыватнай інфраструктуры і дэмакратычных інстытутаў”.