Сепаратыстаў будуць пазбаўляць грамадзянства Украіны?



Ва Украіне прапануюць пазбаўляць украінскага грамадзянства тых, хто ваюе на баку ДНР і ЛНР, а таксама тых, хто выступае супраць украінскай дзяржаўнасці. Гэтую прапанову падтрымаў і прэзыдэнт Пётр Парашэнка.

Пашпарт Украіны

Але ж украінскія юрысты ставяцца да падобнага вельмі скептычна.

Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Вынікам пазбаўлення ўкраінскага грамадзянства можа стаць процьма прыкрых неспадзяванак. Чалавек без украінскага пашпарту пазбаўляецца права на ўсе сацыяльныя дапамогі, легальнае працаўладкаванне, медычнае абслугоўванне, выезд за мяжу, карыстанне банкаўскай сістэмай, а таксама права на пенсіі.

Але ж пры гэтым, як мяркуюць украінскія юрысты, такі чалавек аўтаматычна выходзіць з прававога поля Украіны, што азначае немагчымасць прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пазаконных узброеных фармаваннях ДНР і ЛНР. Датаго ж, працэдура пазбаўлення грамадзянства не прапісаная ва ўкраінскім заканадаўстве.

Пётр Парашэнка, аднак, заяўляе, што ў бліжэйшы час ён збіраецца ініцыяваць змены ў заканадаўства ў Вярхоўнай Радзе.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя