Сербія адмовілася ад вайсковых вучэнняў у Беларусі за дзень да пачатку
Сербскія вайскоўцы бліжэйшым часам не прымуць удзел ні ў якіх вайсковых вучэннях. Пра гэта заявіў міністр абароны Сербіі Аляксандр Вулін.
«Не будзем удзельнічаць у якіх бы там ні было вучэннях або ваенных актыўнасцях ні з NATА, ні з АДКБ, ні з Расеяй, ЗША, КНР, ЕЗ – ні з Усходам, ні з Захадам», – цытуе яго словы «Наша Ніва».
Планавалася, што сербскія вайскоўцы прымуць удзел у беларуска-расейска-сербскіх вучэннях «Славянскае братэрства – 2020». Яны пройдуць з 10 па 15 верасня. Такім чынам, сербы адмовіліся ад гэтых вучэнняў за дзень да іх пачатку. Раней Еўразвяз патрабаваў, каб Белград не ўдзельнічаў у вучэннях з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя