Сесія Еўранеста – без удзелу афіцыйнага Менска



Восьмая сесія Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) пройдзе 8—10 снежня ў Тбілісі. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента, на сустрэчу запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Афіцыйная дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў не запрошаная. “Беларусь традыцыйна будзе на парадку дня, хоць ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні не чакаецца”, — адзначылі ў прэс-службе. Сярод запрошаных на сустрэчу Еўранеста прадстаўнікоў апазіцыі — сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, актывіст руху „За Свабоду” Аляксандр Сілкоў, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дырэктар цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця “Еўрапейскі дыялог”, экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Парламенцкая асамблея Усходняга партнёрства (Еўранест) створаная ў 2009 годзе. Планавалася, што ў яе ўвойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента і па 10 дэпутатаў ад кожнай з шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства. Складанасці ўзніклі з Беларуссю, парламент якой не прызнаецца дэмакратычна абраным.