Севярынец: Адзінага кандыдата ад апазіцыі не зарэгіструюць
Адмова ў рэгістрацыі адзінага кандыдата і рэпрэсіі стануць падставай для спынення выбарчай кампаніі і абвяшчэння байкоту выбараў, заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец на пасяджэнні экспертнага клуба „Прафесійна аб актуальным” цэнтра „Еўрапейскі дыялог” у Менску 10 лютага.
„Я думаю, што ўлада не будзе рэгістраваць адзінага кандыдата, трэба адкінуць усе ілюзіі. Нават Канапацкую з Анісім (Ганна Канапацкая і Алена Анісім, адзіныя прадстаўніцы апазіцыі ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга склікання. — БелаПАН.) не зарэгістравалі на так званай парламенцкай кампаніі. Пра што мы гаворым? Лукашэнка пад націскам Расіі будзе дапускаць адзінага да так званых выбараў? 99%, што рашэнне будзе адмоўным, нават калі подпісы будуць сабраныя. На мой погляд, патрэбныя масавыя пратэсты пасля пачатку кампаніі. Мы будзем тэставаць: калі ўлада зрываецца з катушак, тады байкот, калі гатовая гэта трываць, то мы нарошчваем сілу, пераводзім усё гэта ў больш сур’ёзную плоскасць, аж да забастоўкі”, — заявіў Севярынец.
„Перавесці сітуацыю з балота, дзе мы цяпер, у іншую рэальнасць, дзе магчымыя перамены, — гэта, на мой погляд, наша задача”, — лічыць ён.
На думку палітыка, галоўнае зламаць сцэнарый фальсіфікацыі выбараў. „Калі няма выбараў, усё астатняе не мае сэнсу”, — падкрэсліў Севярынец.
Пагадненне аб працэдуры правядзення выбараў адзінага кандыдата ад апазіцыі падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”. Выбары адзінага кандыдата мяркуюць выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Размеркаванне балаў паміж прэтэндэнтамі пройдзе на аснове інтэрнэт-галасавання, галасавання ў рэгіёнах і галасавання дэлегатаў Кангрэса дэмакратычных сіл, які плануецца правесці ў другой палове мая. Там жа будзе абвешчаны адзіны кандыдат. Для ўдзелу ў галасаванні па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнт павінен альбо вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадскай арганізацыі, альбо сабраць 200 подпісаў. Акрамя таго, прэтэндэнт павінен унесці ўзнос у эквіваленце 500 еўра.
Прыём заявак заканчваецца 16 лютага. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.
Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня.