Севярынец заклікаў падтрымаць Уладзіміра Кондруся
Дапамагчы чалавеку, які гіне за кратамі, – наш абавязак. Адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец так тлумачыць патрэбу грамадскай падтрымкі Уладзіміра Кондруся. Улады арыштавалі яго па справе Плошчы-2010 і трымаюць у СІЗА-1, дзе Кондрусь пачаў галадоўку.
Мужчына, падобны да Уладзіміра Кондруся. Фота: Аляксея Громава.
Кажа Павел Севярынец:
– Пасля таго, як яго абвінавацілі ў тым, што ён правакатар, Уладзімір замкнуўся, адмаўляецца прымаць перадачы нават ад бацькоў. І галадае, прычым галадае сур’ёзна. Калі ён у санчастцы, то значыць усё кепска. Бо звычайна калі чалавек галадае і гэта яшчэ не пагражае ягонаму здароўю, то яго трымаюць у камеры. Каб прымусіць спыніць галадоўку, ціснуць на сукамернікаў.
Абвінавачванні ў адрас Уладзіміра Кондруся прагучалі пасля таго, як у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім Кондрусь першым пачынае біць вокны ў будынку Дома ўраду. „Вельмі часта падобныя абвінавачванні гучаць беспадстаўна, як некалі ў адрас Жызнеўскага,” – кажа Павел Севярынец:
– Проста магу нагадаць, што Міхаіла Жызнеўскага ва Украіне, як пачыналіся падзеі на Грушэўскага, кляймілі як правакатара абсалютная большасць СМІ і нават палітыкаў. Зараз ён герой Украіны і герой Беларусі. Што тычыцца Кондруся, то, мяркуючы па ўсім, на 95% верагоднасці, гэта абсалютна шчыры чалавек, які не датычны да нейкіх структураў, проста прыехаў з беларускай глыбінкі і прыняў удзел у гэтай акцыі пратэсту.
Павел Севярынец заклікае пісаць лісты Уладзіміру Кондрусю ў СІЗА і прасіць яго аб спыненні галадоўкі. Пісаць трэба на адрас: Менск 220050, Валадарскага, 2, Уладзіміру Кондрусю.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Громава