Шайгу прапанаваў перанесці ў Сібір сталіцу Расеі



Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу прапанаваў пабудаваць у Сібіры тры-пяць гарадоў з насельніцтвам да аднаго мільёна чалавек і перанесці туды сталіцу Расеі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з навуковай грамадскасцю Сібірскага аддзялення РАН ў Новасібірску.

Нам неабходна ў Сібіры пабудаваць тры, а лепш пяць буйных цэнтраў навукова-прамысловых, эканамічных цэнтраў, прасцей кажучы, гарадоў з насельніцтвам 300-500 тысяч, лепш – да мільёна чалавек. І не проста гарады пабудаваць і сталіцу сюды перанесці, а зрабіць іх зусім канкрэтна накіраванымі на тую ці іншую сферу дзейнасці.

У якасці прыкладу Шайгу прывёў планы, якія існавалі да распаду СССР. «На жаль, па вядомых прычынах праект быў спынены», – сказаў міністр.

У Расеі неаднаразова выказвалі прапановы аб пераносе сталіцы ў Сібір і пераездзе шэрагу дзяржаўных структур з Масквы ў іншыя гарады. Першым такі пераезд ажыццявіў Канстытуцыйны суд РФ, які з 2008 года знаходзіцца ў Пецярбургу. Таксама планавалася, што ў Пецярбург пераедзе Вярхоўны суд, але гэты працэс адклалі.

У 2014 годзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін казаў, што лічыць правільным перанесці частку федэральных органаў улады ў Сібір. «Дапусцім, Красноярск з’яўляецца прыдатным, на мой погляд, для гэтага месцам», – адзначаў Пуцін.

На прамой лініі ў 2021 годзе Пуцін сказаў, што перанос ўрада Расеі ў Омск не вырашыць праблем рэгіёну, але дапускаў, што з Масквы ў Сібір варта перавесці пэўныя федэральныя структуры або офісы буйных кампаній.

meduza.io

Фота sarinform.ru