Шаленберг: Мы не прымаем, каб мігрантаў выкарыстоўвалі ў якасці зброі
Літва можа быць упэўненая ў салідарнасці Аўстрыі „перад міграцыйным націскам на мяжы з Беларуссю”, заявіў аўстрыйскі міністр замежных спраў Аляксандэр Шаленберг 24 жніўня падчас наведвання літоўска-беларускай мяжы.
„Будучы Еўрапейскім саюзам, мы ніколі не прымаем, каб мігрантаў і ўцекачоў выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах у якасці зброі”, — сказаў кіраўнік аўстрыйскай дыпламатыі.
Напярэдадні прэс-служба літоўскага МЗС паведаміла, што міністр замежных спраў Аўстрыі падчас візіту ў Літву 24 жніўня наведае пагранпераход „Мядзінінкай” на мяжы з Беларуссю. Адзначалася, што Шаленберг і яго літоўскі калега Габрыэлюс Ландсбергіс „ацэняць сітуацыю, звязаную з патокамі нелегальных мігрантаў”, і сустрэнуцца з супрацоўнікамі аўстрыйскага спецпадраздзялення Cobra, якія нясуць службу ў Літве.
Міністр унутраных спраў Аўстрыі Карл Нехамер у пачатку жніўня накіраваў на літоўска-беларускую мяжу 13 супрацоўнікаў Cobra.
БелаПАН
Фота: twitter.com/MFA_Austria/