Шанцы застаюцца
Злучаныя Штаты аднаўляюць санкцыі супраць шэрагу беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Рашэнне ўжо прынятае, хоць улады Беларусі надалей маюць шанец яго пазбегнуць. Падрабязнасці – у каментары Яны Запольскай.
Упершыню санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. З восені 2015 года дзеянне амерыканскіх санкцый было прыпыненае, што дэ-факта дазволіла рэзідэнтам ЗША заключаць здзелкі з беларускімі кампаніямі. Прыпыненне санкцый амерыканскі бок тлумачыў некаторым прагрэсам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека, і падтрымкай незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Прыгадаем, што 22 жніўня 2015 года нечакана на волі апынуліся шасцёра палітвязняў: Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Мікола Статкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юры Рубцоў. Іх вызвалілі на падставе памілавання Лукашэнкі, які нібыта кіраваўся “прынцыпам гуманізму”.
І вось сёлета санкцыі зноў уступяць у сілу ў сувязі з тым, што леташнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя, улады чыняць гвалт у дачыненні да грамадзян, у краіне больш за 300 палітычных зняволеных. Улады Беларусі маюць яшчэ паўтара месяца, каб паправіць сітуацыю з правамі чалавека. Хоць шанцаў на гэта мала, бо ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях стала яшчэ горш, чым было. Так Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў штаты ў датычнасці да нейкіх планах замаху на яго ды яго дзяцей, чым верагодна агалмошыў прэзідэнта Джо Байдэна. Дый прызначаная амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі Джулі Фішар ніяк не можа прыехаць у Менск, бо ёй не выдаюць беларускую візу. Відаць, прыедзе яна не хутка. Такім чынам з трэцяга чэрвеня бягучага года Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., прадпрыемствы: „Белшына”, „Гродна Азот”, „Гродна Хімвалакно”, „Лакафарба”, „Нафтан” і „Полацк-Шкловалакно” апынуцца пад санкцыямі. З імі, а таксама кампаніямі, якімі яны валодаюць, будуць забароненыя асноўныя аперацыі і дзейнасць. Пра гэта стала вядома напярэдадні падчас сустрэчы Джулі Фішар з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай у Вільні.
Але гэта яшчэ не ўсё. На гэтым тыдні чакаецца і прыняцце новага пакету санкцый Еўрапейскага звязу ў дачыненні да ўладаў Беларусі. Пра гэта таксама паведамілі ў офісе Ціханоўскай. Папярэдне вядома, што новы “чорны спіс” мае ўключаць 70 чалавек і кампаній, датычных да афіцыйных уладаў і парушэнняў правоў чалавека. І гэта не ўсё. 21-22 красавіка ПАСЕ прыме дзве рэзалюцыі па Беларусі – па парушэнні правоў чалавека і неабходнасці тэрміновай выбарчай рэформы ў Беларусі. Ці стануць санкцыі і міжнародны ціск дадатковым каталізатарам зменаў у краіне, ці прымусяць улады пайсці на дыялог з грамадствам, ці паспрыяюць вызваленню палітычных вязняў? Пэўнасці ў гэтым няма, але шанцы надалей застаюцца.
Беларускае Радыё Рацыя