Шаран Бароў: У Беларусі існуе прымусовая праца і “рабства ў XXI стагоддзі”



На хвалі чарговай спробы наладзіць адносіны з Захадам беларускія ўлады могуць некалькі палепшыць і становішча незалежных прафсаюзаў. Але змены будуць насіць касметычны характар, адзначаюць эксперты.

Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў зрабіла шэраг рэзкіх заяваў па выніках свайго візіту ў Менск. Яна адзначыла, што і да прыезду сюды была ў курсе складанай сітуацыі з незалежнымі прафсаюзамі ў краіне.

«Але была шакаваная тымі фактамі ўзмацнення дыскрымінацыі ў дачыненні да свабодных прафсаюзаў, – сказала Барроу на выніковай прэс-канферэнцыі.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук згодны з такой ацэнкай.

 – Гэта была ўзгодненая пазіцыя з намі, яна прста трансфармавалася ў ацэнкі Шаран Бароў, і ўся жорсткасць гэтых ацэнак апраўдана.

Шаран Бароу была здзіўленая наступствамі дэкрэта Лукашэнкі № 9, які тычыцца фактычна прымусовай працы. Па яе словах, яна працуе ў многіх праблемных рэгіёнах, у тым ліку краінах Персідскага заліва, дзе існуюць сур’ёзныя праблемы ў плане дыялогу з уладамі, але рабства ў XXI стагоддзі – такое мала дзе сустрэнеш», – адзначыла Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя