Шатляндыя застаецца ў складзе Вялікабрытаніі (абноўлена)
У Шатляндыі завяршаецца падлік галасоў рэферэндума аб незалежнасці краіны ад Аб’яднанага каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Пакуль пасля падліку ў 31 з 32 акругаў за аддзяленне Шатляндыі ад Вялікабрытаніі прагаласавалі 44,6% удзельнікаў рэферэндуму, супраць – 55,4%, паведамляе ВВС. Яўка склала 84%.
Прэм’ер-міністр Шатляндыі Алекс Салманд, які выступаў за незалежнасць, прыняў вынікі плебісцыту. Ён падзякаваў грамадзянам, якія прагаласавалі за незалежнасць. Алекс Салмонд таксама падкрэсліў высокую яўку на рэферэндуме, сказаўшы, што яна стала адной з самых высокіх на рэферэндумах па ўсім свеце.
* * *
У Шатляндыі сёння, 18 верасня, праходзіць рэферэндум аб незалежнасці.
Апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ані прыхільнікі, ані праціўнікі незалежнасці Шатляндыі не маюць значнай перавагі. Нават калі шатляндцы прагаласуюць супраць незалежнасці Вялікабрытанія, не будзе яна ўжо такой, як дагэтуль, кажа беларус з Вялікабрытаніі Ігар Іваноў:
– Шатляндцы ў любым выпадку атрымаюць значныя саступкі. Магчыма, гэта будуць саступкі ў сферы падаткаў, сацыяльнай забяспечанасці, аховы здароўя і г.д. Палітычны працэс падрыхтоўкі да рэферэндуму паказаў, што Вялікабрытанія павінна таксама развіваць сваю дэмакратыю. Лондан кіруе палітычным працэсам усёй краіны настолькі моцна, што іншыя рэгіёны не маюць проста свайго голасу. І нават калі яны адметныя, іх роля ў палітычным жыцці застаецца незаўважнай.
Галасаванне ў Шатляндыі працягнецца да 22 гадзіны паводле мясцовага часу. Права галасаваць на рэферэндуме маюць усе грамадзяне Вялікабрытаніі і краінаў ЕЗ, якія жывуць або плацяць падаткі на тэрыторыі Шатляндыі. Канчатковыя вынікі рэферэндуму стануць вядомыя 19 верасня раніцай.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Reuters