Шэнгенскія візы падаражэюць
Еўракамісія абвясціла пра падаражэнне шэнгенскіх віз, якое мае адбыцца ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы выдачы ўязных дакументаў.
Прапанаваныя змены зробяць сістэму выдачы віз больш эфектыўнай і надзейнай, паведамляецца на афіцыйным сайце Еўракамісіі.
Мяркуецца, што пасля ўнясення паправак у Візавы кодэкс ЕЗ тэрміны выдачы віз скароцяцца з 15 да 10 дзён, падаваць заяўку на візу можна будзе за паўгода да даты меркаванай паездкі (цяпер за тры месяцы), а саму працэдуру запаўнення і падачы заяўкі зробяць цалкам электроннай.
Плануецца таксама дазволіць краінам шэнгенскай зоны выдачу разавых кароткатэрміновых віз на мяжы.
З прычыны дадатковых выдаткаў на арганізацыю бяспекі плануецца павялічыць кошт шэнгенскай візы з 60 да 80 еўра. Еўракамісія адзначае, што кошт шэнгенскіх віз не мяняўся з 2006 года.
Фота traveling.by