Шэраг чыноўнікаў і кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза плануюць наведаць Менск
У лютым адбудзецца візіт у Беларусь міністра замежных спраў Латвіі – старшыні ЕС Эдгарса Рынкевічса, – паведаміла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына.
„Затым плануецца візіт высокага ўзроўню чыноўніка з Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, з Бруселя, пакуль імя не называю, – сказала Купчына. – Пасля гэтага будуць візіты больш нізкага ўзроўню, але не менш важныя, з Францыі, Германіі і Польшчы”.
Віцэ-старшыня Еўрапейскага парламенту Рышард Чарнэцкі адзначае:
– У рамках парламенцкай групы Ўсходняга партнёрства працуе адмысловая група ў справах Беларусі. Ведаю, што старшыня гэтай групы сустракаецца з паслом Беларусі пры Еўразвязе. Пэўнае такое лёгкае пацяпленне паміж Менскам і Бруселем ёсць – гэта факт. Ці што з гэтага вынікне істотнага, ці якая дапамога фінансавая будзе, пакуль гэтага ня ведаем.
11 лютага падчас саміту „нармандскай чацвёркі” ў Менску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што ў хуткім часе Менск плануюць наведаць шэраг чыноўнікаў і кіраўнікоў МЗС краін Еўразвязу.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя