Шэраг партый і рухаў падпісалі заяву пра сумленныя выбары



Прадстаўнікі 8 дэмакратычных партый і арганізацый прынялі сумесную заяву аб прынцыпах удзелу ў парламенцкіх выбарах. Дакумент называецца „Вярнуць людзям права выбару”.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Анатоля Лябедзькі, дакумент павінен стварыць вялікую грамадскую супольнась дзеля змены выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі:

– Ёсць супольная пазіцыя, на сённяшні дзень восем структур паставілі свае подпісы, я лічу, што своечасова. Цяпер часу не шмат, не багата, закончыўся выбарчы фарс. І што далей? Праз год прыкладна зноў кампанія выбарчая – парламенцкая. Наша пазіцыя такая – трэба мяняць правілы гульны, трэба мяняць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. І вось гэтыя нашы прапановы зафіксаваны ў гэтай супольнай заяве.

„Дзеля таго, каб выбары праходзілі сумленна і празрыста, нам неабходна дабіцца зменаў у трох накірунках: гэта фармаванне камісій, падлік галасоў і датэрміновае галасаванне”, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Заява скіравана да грамадзян, выбаршчыкаў Беларусі, да палітычных і грамадскіх суб’ектаў і міжнароднай супольнасці. Пад ёй падпісаліся кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя, партыі „Зялёныя” ды іншыя. Дакумент адкрыты для падпісання іншымі суб’ектамі дэмакратычных сіл.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск