Шэсць краін далучыліся да санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі



Шэсць краін далучыліся да другога пакета санкцый, якія Еўразвяз увёў у дачыненні да Беларусі, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, апублікаванай 24 лістапада на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Да санкцый далучыліся Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія.

20 лістапада гэтыя ж краіны і Украіна падтрымалі першы пакет санкцый ЕЗ у дачыненні да Беларусі.

Першы пакет Еўразвяз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕЗ быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы „Альфа” (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, цяпер у санкцыйным спісе ЕЗ 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарозку актываў гэтых асоб. „Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕЗ забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс”, — паведаміла прэс-служба Савета ЕЗ.

З 2006 года санкцыі ЕЗ дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі, якія, на думку ЕЗ, датычныя да знікнення апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня гэтага года Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў, парушэнне правоў чалавека і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарожванне іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўразвяз.

Да санкцый ЕЗ у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады таксама далучылася Швейцарыя.

Паводле выніках сустрэчы 19 лістапада кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ узгодненая падрыхтоўка трэцяга пакета санкцый, які паўплывае не толькі на фізічных асоб, але і на юрыдычныя асобы. Барэль пасля сустрэчы заявіў, што Еўразвяз больш не выдзеліць грошай рэжыму Лукашэнкі, усе прызначаныя для Беларусі сродкі будуць накіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасці.

„Мы больш не перавядзем ніводнага еўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі. Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але будзьце ўпэўненыя, што Лукашэнку не пойдзе ніводнага еўра”, — сказаў Барэль.

БелаПАН