Шэсце на Дзень Волі ў Менску забаранілі (абноўлена)



Менгарвыканкам не дазволіў шэсце на Дзень Волі. Адмову атрымалі дзве групы заяўнікаў. Гэта прадстаўнікі пяці зарэгістраваных партый і арганізацый, якім раней улады дазволілі арганізаваць і правесці мітынг ды канцэрт каля опернага тэатра, аднак забараніў шэсце ад помніка Янку Купалу да опернага тэатра.

Яшчэ трое грамадзянаў, сябраў незарэгістраваных арганізацыяў з Беларускага нацыянальнага кангрэсу — Валянцін Троцкій, Сяргей Спарыш і Ігар Краўчанка планавалі арганізаваць дэманстрацыю 25 сакавіка з плошчы Якуба Коласа.

„Аднак нам было адмоўлена. На сустрэчы ў Менгарвыканкаме прысутнічалі прадстаўнікі Менгарвыканкаму, міліцыі і пракуратуры”, – распавёў Валянцін Троцкі:

– Размова прайшла ў такой манеры забараняльнай, я б сказаў застрашваючай магчымымі вынікамі, нават да крымінальнай адказнасці. Я канешне чакаў, што ўлады будуць больш разумнымі, бо самым правільным іх рашэннем было б дазволіць шэсце.

Валянцін Троцкі і іншыя падпісанты заяўкі лічаць, што прынцыпова важна, каб шэсце адбылося. У другой групы заяўнікаў крыху іншая пазіцыя.

Па словах старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, паколькі Менгарвыканкам адмовіў і ў правядзенні шэсця ад помніку Янкі Купалы да опернага тэатра, то зараз трэба канцэнтравацца на правядзенні мітынга-канцэрта:

– У нас галоўнае – гэта правядзенне самога мерапрыемства 25-га з 13-й да 19-й.

Як падкрэсліў Юрась Губарэвіч, патрапіць туды змогуць усе жадаючыя.

„Мы асобна прагаварылі з міліцыяй магчымасць прахода людзей праз усе уваходы вакол опернага тэатра. Ніякіх абмежаванняў на лозунгі, бел-чырвона-белыя сцягі і ншую нацыянальную сімволіку не будзе”, – нагадаў Юрась Губарэвіч.

* * *

У аўторак, 20 сакавака, Менгарвыканкам дасць адказ, дазволена ці не шэсце на Дзень Волі 25 сакавіка.

Як вядома, заяўнікі святкавання 100-годдзя незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, правядзенне якога ўжо дазволена каля Опернага тэатру ў Менску, таксама падалі заяўку на шэсце ад скверу Янкі Купалы да месцу канцэрту і мітынгу.

Па словах аднаго з аўтараў заяўкі, старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, дакумент подпісалі таксама прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і асветніцкай установы „Амарока”:

– Мне патэлефанавалі з Менскага гарадскога выканаўчага камітэта і запрасілі ў аўторак у 14 гадзін на размову адносна іх рашэння па нашаму звароту аб магчымасці правядзення шэсця да месца збору людзей на пляцоўцы перад Оперным тэатрам. Я нагадаю, што калі мы падавалі заяўку ад імя юрыдычных асобаў на правядзенне мітынга і святочнага канцэрта, мы таксама прасілі Менгарвыканкам разглядзець магчымасць арганізаванага праходу груп людзей ад пляцоўкі перад помнікам Янкі Купалы да Опернага тэатра.

Якім бы не было рашэнне адносна шэсця, гэта ніякім чынам не адаб’ецца на падрыхтоўцы святочнага мітынгу і кацэрту, што вядзецца ўжо некалькі тыдняў, – сказаў Юрась Губарэвіч.

Таксама ў Менгарвыканкам 20 сакавіка на 14.55 запрошаны прадстаўнікі тых партый і арганізацый, якія падпісалі заяўку аб правядзенні ў Менску 25 сакавіка марша „Годнасці і волі” ад плошчы Якуба Коласа да тэатра оперы і балету. Пра гэта паведаміў Мікола Статкевіч.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя